Жонка ляжыць разам з дачкой у бальніцы. Завітаў да іх сёння, як дарэчы і штодня. Крыху пагулялі па тэрыторыі і пабачылі нейкую дзяўчыну ў белым халаце, што гуляла з немаўляткам у парку. На мае пытанне, што гэта за дзяўчына, чаму на ёй халат і што гэта за немаўлятка, жонка распавяла наступнае.
Часам дзеткі нараджаюцца з праблемамі кшталту ДЦП і бацькі ад іх адмаўляюцца. Так, ты чуў пра гэта неаднаразова і магчыма нават спачуваў такім дзеткам. Але вось ты бачыш дзіцё. Яно нічым не адрозніваецца ад твайго, такое ж цікаўнае, гэтак жа любіць калі цёпла, а калі халодна - плача. І ты не разумееш як гэта атрымліваецца, чаму людзі кідаюць сваіх дзетак. Але гэтае пачуццё чамусьці неглыбокае. Пройдзе гадзіна-другая і ты забудзешся на гэты выпадак, як і заўсёды.
Але раптам адбываецца нешта. Гэтая нянечка кажа немаўлятку: "Маё сонейка". І ты чуеш такую пяшчоту, такую любоў у яе голасе, што твой свет руйнуецца. Такое і ад роднай маці часам не пачуеш. А тут дзяўчо, што прыйшла на працу, нясе столькі пяшчоты гэтаму дзіцяняці. Ты адмаўляешся верыць як звычайная медсястра, што бачыць тое дзіцятка ці не першы раз, можа любіць яго, а родная маці - наўпрост выкінуць са свайго жыцця. Першае што ты адчуваеш - бязмежную ўдзячлівасць і павагу да гэтай дзяўчынкі. Ты адчуваеш яе бясконцую дабрыню, шчырасць і любоў да немаўляткі - і ў гэты момант яна становіцца для цябе самай лепшай і прыгожай дзяўчынай на свеце(Ірка, выбачай). Другое пачуццё - бязмежная агіднасць да таго бацькі, што дазволіў маці зрабіць гэты выбар. А трэцяе пачуццё - пачуццё агіды да самога сябе, за тое, што ты дагэтуль ігнараваў такія рэчы.
Часам дастаткова дзьвух слоў каб змяніць твой свет. Маё сонейка...
Upd: Сёння даведаўся пра тое, што аднаго з такіх дзетак, ад якіх адмовіліся, штодня наведваюць прыёмныя бацькі. Адразу на сэрцы пацяплела.
субота, 8 мая 2010 г.
Subscribe to:
Post Comments (Atom)

No comments:
Post a Comment