Ездзіў сёння на радзіму да бацькоў.
Дарэчы, я калі еду адзін - амаль заўжды бяру тых, хто галасуе на дарозе. Жонка даволі негатыўна ставіцца да гэтага. Напэўна забылася як мы ледзьве цягнуліся пехам з палаткамі ў накірунку Браслава, бо не было аўтобусаў. І пра тое, што толькі праз паўтары гадзіны пятнаццатая ці шаснаццатая машына спынілася і падвезла нас.
Дарэчы, аўтастоп - даволі цікавая тэма.
Не так даўно трэба было ехаць за запчасткамі ў Малінаўку, а ад нас на грамадскім транспарце - гадзіны з дзве датуль. А на машыне - хвілін з трыццаць. Вось я і пайшоў на МКАД, думаў хто падвязе. Ага, фіг там. Сотні машын праехала, хутчэй бы на маршрутках заехаў. Гадзіны з дзве прастаяў, бо ўжо вырашыў паглядзець што ў выніку атрымаецца. У рэшце рэшт, калі ўжо адмёрзла ўсё, што толькі магло - спыніўся дзядзька. А калі ехалі - крышачку пагаманілі. Дык ён распавёў, што калісьці ўзяў трох хлапцоў, а тыя набілі яму морду, завезлі ў лес ды забралі машыну. І гэты чалавек спыніўся і падабраў мяне! А не дзве ці тры сотні, з якімі гэткага не было, і ў якіх можа нават і думкі не мільганула што можна дапамагчы. У крамах ці кафэ ты дзякуеш няшчыра, а тут - і проста ніякіх слоў не хапіла каб яму аддзякаваць. Ты б аддаў усе свае грошы гэтаму дзядзьку, за тое, што ён такі. А ён пакрыўдзіўся, калі ты прапанаваў яму грошы за дапамогу.
Менавіта таму і бяру пасажыраў заўсёды. Тым больш што я ўсё роўна ў той жа бок еду.
Дык вось, еду я сёння, а на дарозе - жанчына, ды чацвёра цыганятак. Я ўжо думаў паехаць далей, але нешта мяне спыніла. Мне здалося, што яны нават здзівіліся. Яны стаялі ўжо гадзіны чатыры і нікога нешта не спыняла, а мяне - спыніла. Здавалася, што яны і самі здзівіліся, што нехта вырашыў іх падвезці. Усе, ўпяцёх, уціснуліся на задняе сядзенне. І вельмі здзівіліся калі я прапанаваў некаму сесці поруч са мной, наперадзе, дзеля зручнасці. Усю дарогу падавалася што яны і пікнуць баяцца, неяк вельмі-вельмі прыгнечана сябе пачувалі, нібыта я - гаспадар, а яны - мае слугі, А потым вельмі шчыра дзякавалі, калі выходзілі. Такую шчырасць я бачыў хіба што ад бабулькі, якую падвозіў з могілак, дзе ляжалі яе дзеткі.
А як вёз - часам прыглядаўся, што дзе і як. Вядома ж, цыганы, абавязкова нешта сцягнуць. Ані грама нахабства вакзальных цыганоў, толькі нейкая пакора. І мне стала вельмі прыкра, што я мог так блага думаць пра гэтых людзей, мяркуючы выключна па нацыянальнасці.
Мне сорамна.
субота, 8 мая 2010 г.
Subscribe to:
Post Comments (Atom)

No comments:
Post a Comment